Регистрация  ·         ·  Забыли пароль?

2011-11-18 22:38:00 : «На беларускія заробкі нават таджыкі не паедуць»

«На беларускія заробкі нават таджыкі не паедуць»
18.11.2011  Уладзімер Глод, «Радыё Свабода»

Таджыкістан плянуе накіраваць сваіх працоўных мігрантаў, якіх дэпартуюць з Расеі, у Беларусь. Пра гэта заявіў у Душанбэ кіраўнік міграцыйнай службы пры ўрадзе Таджыкістану Сафіало Дзеванаеў. Ён таксама сказаў, што юрыдычная падстава для такой акцыі — адпаведнае пагадненьне паміж урадамі дзьвюх краін.

Афіцыйны Душанбэ разглядае варыянт з працаўладкаваньнем таджыцкіх мігрантаў у Беларусі, як кажуць, не ад добрага жыцьця. Праблема ўзьнікла пасьля таго, як маскоўскія ўлады заявілі пра намер дэпартаваць з расейскай сталіцы каля 250 грамадзян Таджыкістану. Усяго ж у Расеі цяпер працуюць, паводле афіцыйных дадзеных, больш за 674 тысячы таджыцкіх мігрантаў. А з улікам тых, хто з розных прычынаў ня трапіў у гэтую статыстыку, іх можа быць і мільён.

Перанакіраваць мігрантаў з Расеі на Беларусь у Душанбэ зьбіраюцца на падставе пагадненьня паміж урадамі дзьвюх краін аб узаемнай працоўнай міграцыі. Яго падпісалі 28 кастрычніка падчас афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Таджыкістан.

«Нам ня трэба баяцца дэпартацыі нашых працоўных мігрантаў з Расейскай Фэдэрацыі, бо ім адкрыты шлях працоўнай міграцыі ў Беларусь», — сказаў кіраўнік міграцыйнай службы пры ўрадзе Таджыкістану Сафіало Дзеванаеў. І дадаў: «Мы зьбяром дэпартаваных і накіруем іх у Беларусь».

— Таджыкі, якія зарабляюць грошы сваёй працай у Расеі, не паедуць у Беларусь, — упэўнены былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір. — Такіх жа заробкаў, як у Расеі, у Беларусі няма. Яны пра гэта ведаюць. І таму і самі сюды не паедуць. Сваім няма годнай працы. А тут яшчэ нехта прыедзе. Урад іх таджыцкі накіруе. Ім што, тут будуць працу шукаць? Ці што гэта будзе? Можа, яшчэ камандзіровачныя трэба будзе ім плаціць?!

Амбасадар Таджыкістану ў Беларусі Казідаўлат Каімдодаў сёлета на сустрэчы парлямэнтароў дзьвюх краін казаў, што ў Беларусі можна было б адкрыць таджыцкі аграгарадок. Гэтая ідэя зьявілася таму, што «ў нас вельмі шмат добрых спэцыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі», — патлумачыў амбасадар.

Паспрабаваў паразмаўляць з кіраўніком таджыцкай дыпмісіі і пачуць ягоны камэнтар да ініцыятывы Душанбэ. Але амбасадар адмовіўся ад размовы, спаслаўшыся на тое, што яшчэ ня мае афіцыйнай інфармацыі.

Патрэбы ў таджыцкіх мігрантах беларускі агракомплекс ня мае — упэўнены Аляксандар Ярашук, які шмат гадоў займаў у гэтай галіне адказныя пасады:

— На вёсцы няма дэфіцыту працоўных рук. І наша праблема тут палягае толькі ў адным — для людзей няма эканамічнага стымулу працаваць. Сельская гаспадарка засталася нерэфармаванай. Там дагэтуль няма прыватнай уласнасьці на зямлю. А з-за гэтага няма і сапраўднага гаспадара. А ў сёньняшняй эканамічна-палітычнай сытуацыі ў Беларусі прыцягваць да нас замежных мігрантаў, у тым ліку і таджыкаў, — гэта, мякка кажучы, вельмі неадназначнае рашэньне. Пра яго наступствы ніхто ня думае.



Для комментирования необходимо авторизоваться!

Добавить новость