Рынкавыя адносіны
Першага лістапада, калі праезд падаражэў да 1300 рублёў, бабуля ў сінім савецкім плашчы ехала 12-м тралейбусам на мінскі рынак "Камароўка". Ва ўсім салоне яна была адзінай, хто запытыўся ў кандуктара пра кошт квітка. Было відаць, што бабуля не арыентуецца ў лічбах, бо даўно не плаціла за праезд. Ездзіць "зайцам".
— Ну хоць калісьці трэба плаціць, — уздыхае кандуктар. — Апошнія паўгода квіткі купляюць усё менш людзей. Большасць эканомяць праз праязны, а іншыя — праз штрафы. Зараз быць "зайцам" яшчэ і выгадней: штраф у 7 тысяч акупаецца за 5 паездак.
Перамагчы крамы
На сталічным рынку "Камароўка" свежымі выглядаюць як прадукты, так і цэннікі — іх перапісваюць раз на тыдзень, не радзей. Гандлярцы цяжка палічыць, колькі разоў за год яна мяняла этыкетку, каб кошт бананаў вырас з 3 да 12 тысяч. Аматарам эканоміі і бананаў Наталля раіць адно:
— Прыходзьце бліжэй да закрыцця, у нас бываюць зніжкі. У залежнасці ад аб'ёму можна сэканоміць тысяч 5.
Дамовіцца на больш нізкі кошт можна і з гандлярамі шампіньёнамі, калі набыць грыбоў больш за 5 кілаграмаў. Тое ж адбываецца і са свіным рагу: пасля 16 гадзін дзе-нідзе бывае распродаж рэшткаў са зніжкай 30—50%.
На Камароўцы "рынкавыя адносіны" праяўляюцца ў чыстым выглядзе: агародніна, сыры, малако, мяса, каўбасы і нават хлеб на базары таннейшыя, чым у краме на суседняй вуліцы.
Заціснуць паясы
Тое, што беларусы праядаюць палову сваіх даходаў, чыстая праўда. На прадукты харчавання сярэднестатыстычная сям'я траціць да 46% бюджэту. Такім чынам, ежа, акрамя крыніцы жыцця, становіцца і крыніцай эканоміі: альбо ты ясі меней, альбо ясі не тое.
Спажывецкія расходы сярэднестатыстычнай сям'і:
45,5% — на харчаванне,
2,4%з — на алкаголь,
27,7% — нехарчовыя тавары,
24,4% — паслугі.
У харчовым кошыку беларуса адбылася пераарыентацыя — зніклі прадукты, якія раней падаваліся звычайнымі. Пакупнікі ўжо толькі па святах бяруць чырвоную рыбу, ікру, крэветкі. Сцябліны сельдэрэю рэдка з'яўляюцца на паліцах, чылійская кава ў зернях стала раскошай. Сыр з цвіллю... А хто ўжо дакажа, што тая цвіль не ад часу? Беларусы ў сваіх прыхільнасцях перайшлі на больш танныя віно і гарэлку.
Дый наогул, паводле задумы ўлад, беларус мусіць здавольвацца крытычна сціплым наборам прадуктаў харчавання. І гэты мінімальны набор за год падаражэў ажно на 210%!